Радзіва "Прудок". Дзённік

Андрусь Горват | 2017
978-985-7136-89-6
oz.by

Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік... Аўтар гэтай кнігі - чалавек, які шукае сваё месца ў гэтым свеце.

Такім месцам магла б стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі, на самым ускрайку Беларусі, на перакрыжаванні сусветаў.

Гэтая кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэтая кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе. Можа быць, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе.

Дзённік «Радзіва Прудок» Андрусь Горват пісаў тры гады. Урыўкі друкаваліся ў газеце «Наша Ніва» і на яго старонцы ў Фэйсбуку. Па версіі рэдакцыі «Нашай Нівы», гэта быў самы чытаны тэкст на сайце за 2015 год. То, мабыць, напісаны ён не вельмі пагана.

Андрусь Горват у Мінску, да пераезду ў вёску, працаваў журналістам і, адначасова, дворнікам тэатра імя Янкі Купалы. З гэтага і пачынаецца дзённік, які атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій, шмат пазітыўных і натхнёных водгукаў ад чытачоў ды стаў ужо легендарным творам, які раней можна было набыць толькі ў касе Купалаўскага тэатра.